|
Павал Севярынец: “Марым пераўтвараць Беларусь паводле Слова Божага”
 2009 03 02
28 лютага была створана новая палітычная арганізацыя – партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Пра яе мэты і задачы карэспандэнту www.Euramost.org расказаў адзін з заснавальнікаў Павал Севярынец.
-- Галоўная мэта партыі – пабудова Беларусі на хрысціянскіх каштоўнасцях і беларускім патрыятызме. Галоўныя задачы – правядзенне актыўных грамадскіх кампаній у падтрымку сям’і, супраць алкагалізму, супраць магіі, акультызму і супраць знявагі свабоды веры. А так сама мы будзем дамагацца дэмакратычных і свабодных выбараў, свабоды слова, свабоды веравызнання. То бок, пастараемся ужо зараз стварыць такі вобраз грамадскай актыўнасці, які даў бы ўяўленне аб той Беларусі, пра якую мы марым. У нас ёсць прапановы, як справіцца з эканамічным крызісам і ў самы бліжэйшы час мы іх агучым. У нас праходзіў круглы стол з удзелам вядучых беларускіх эканамістаў. Ёсць сацыяльныя праграмы, ёсць моладзевыя праграмы. І мы спадзяёмся, што бліжэйшым часам, з дапамогай цэркваў, грамадскіх і дабрачынных арганізацый, мы зможам прапанаваць усяму грамадству ў выглядзе дзейнасці такую кампанію пераўтварэння.
-- Зянон Пазняк так сама выказвае сваю актыўную хрысціянскую пазіцыю. Ці мае ён нейкае спрычыненне да стварэння і дзейнасці вашай партыі?
-- Мы вельмі паважаем Зянона Станіслававіча, але ён кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і да нас непасрэднага дачынення не мае.
-- Гледзячы на тое, як супрацоўнікі праваахоўных органаў перашкаджалі дабірацца на ўстаноўчы сход у Мінск сябрам партыі з рэгіёнаў, уладам не вельмі падабаецца з’яўленне новай апазіцыйнай партыі?
-- Мяркуючы па ўсім – так. Але разам з тым, прадстаўленне нам памяшкання ў цэнтры Мінска – гэта так сама нейкі крок. І, магчыма, нейкі знак. Трэба сказаць, што і мы не ствараемся як апазіцыя дзеля апазіцыі. Мы гатовы супрацоўнічаць з уладамі, асабліва з мясцовымі, у пытаннях, якія патрабуюць агульных высілкаў грамадства. Маю на ўвазе змаганне з алкагалізмам і ўмацаванне сям’і. Апроч таго, гэта і шматлікія пытанні аховы здароўя, і многія сацыяльныя пытанні. Пакуль выглядае так: улада не вельмі задаволена, але мусіць лічыцца з тым, што такая сіла і такія настроі ў грамадстве ёсць. І ў цэрквах усё мацней і мацней жаданне пераўтвараць Беларусь паводле Слова Божага.
-- Ці вызначыліся вы ў пытанні таго, хто, якія палітычныя сілы і структуры будуць вашымі партнёрамі, з кім вы будзеце супрацоўнічаць?
-- У першую чаргу мы будзем супрацоўнічаць з “Маладым фронтам”. Гэта арганізацыя, з якой у нас ужо падпісана партнёрскай пагадненне. Так сама будзем актыўна супрацоўнічаць з рухам “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, з Партыяй БНФ. Безумоўна, мы будзем старацца наводзіць масты з Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Будзем супрацоўнічаць з усімі іншымі сіламі, якія адкрытыя для супрацы акурат такі ў канкрэтных праектах. Для нас важна не тое, як сесці, альбо якім чынам скамбінаваць кааліцыю. Для нас важна – ці могуць гэтыя сілы ці гэтыя людзі ўдзельнічаць у нашых супольных кампаніях. Камуністы, да прыкладу, не могуць удзельнічаць у кампаніі “Пакаянне”. Якая прадугледжвае раскрыццё праўды пра злачынствы камуністычнага рэжыму. Ім і прапаноўваць такую супрацу проста не будзем. Ім трэба спачатку перайменавацца і пакаяцца ў тым, што яны носяць такое найменне.
-- Ці ёсць ужо якія планы на будучую прэзідэнцкую кампанію?
-- Беларуская хрысціянская дэмакратыя прыняла рашэнне вылучаць свайго кандыдата ў гэтую кампанію. Але галоўнай праграмай гэтага кандыдата будзе яднанне ўсіх сіл, якія стаяць на глебе хрысціянскіх каштоўнасцяў беларускага патрыятызму. Усіх сілаў нацыянальнага, права цэнтрысцкага патрыятычнага кшталту. І мы лічым, што такі моцны кандыдат будзе адзінай альтэрнатывай сённяшняму кіраўніку.
Васіль СЛУШНЫ
|