|
Дубскі – у СІЗА, маладзёнам – мільённыя штрафы
 2009 03 04
3 сакавіка суд Ленінскага раёну Менску аштрафаваў на буйныя сумы трох актывістаў “Маладога фронту”, якія напярэдадні зладзілі несанкцыянаваны пікет на падтрымку фігуранта “Працэсу 14-ці” Арцёма Дубскага, якога 3 сакавіка судзілі ў Асіповічах.
3 сакавіка суд Ленінскага раёну Менску аштрафаваў на буйныя сумы трох актывістаў “Маладога фронту”, якія напярэдадні зладзілі несанкцыянаваны пікет на падтрымку фігуранта “Працэсу 14-ці” Арцёма Дубскага, якога 3 сакавіка судзілі ў Асіповічах.
У аўторак у Асіповічы на працэс над Арцёмам Дубскім, асуджаным па гучный “Справе чатырнаццаці” да абмежаваньня волі без накіраваньня ў адмысловую папраўчую ўстанову, зьехаліся многія актывісты дэмакратычнага руху Беларусі, сярод якіх былі палітыкі Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і многія іншыя. Гэтым разам Дубскага судзілі па так званай “справе з сім-картай”, якую юнак знайшоў на вуліцы, але ўладарка якой напачатку абвінавачвала маладзёна ў тым, што ён нанёс праз выкарыстеньне карткі ўрон на суму ў пяць мільёнаў рублёў. Аднак судзьдзя спыніў тую справу і пастанавіў вызваліць маладзёна пасьля таго, як бакі прыйшлі да замірэньня. Дубскага, аднак, ня вызвалілі, бо адразу ж было заяўлена, што супраць актывіста распачата новая справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу РБ за ўхіленьне ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Калі Бубскага прызнаюць вінаватым, яму пагражае да трох гадоў калёніі.
Па словах лідэра “Маладога фронту” Зьміцера Дашкевіча, у зале суда Дубскі быў арыштаваны, дастаўлены адразу ў РАУС, а потым у сьледчы ізалятар гораду Асіповічы. Цяпер чакаецца, што над ім цягам месяца адбудзецца суд. Як распавёў Дашкевіч, каля будынку суда праходзіў пікет, былі разгорнутыя расьцяжкі “Свабоду Дубскаму!”, “Малады фронт”, былі партрэты арыштанта. “Таксама пікет адбываўся потым ля сьледчага ізалятара, калі стала зразумела, што Арцём будзе знаходзіцца там, а па вуліцах горада ажно да чыгуначнага вакзала адбылося шэсьце пад бел-чырвона-белым сьцягам”, - паведаміў кіраўнік маладафронтаўцаў. Паводле ягоных словаў, міліцыянты перакрылі цэнтральныя вуліцы годару, але нікога не затрымалі.
А ўвечары 2 сакавіка насупраць будынку Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі ў пікет з расьцяжкай “Не – палітычныму тэрору!” сталі пяць актывістаў “Маладога фронту”, якія такім чынам выказвалі падтрымку свайму паплечніку Арцёму Дубскаму.
Двух непаўнагадовых актывістаў адпусьцілі, але трох паўнагадовых маладафронтаўцаў ноч пратрымалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна ў сталіцы. 3-га сакавіка адбыліся хуткацечныя разгляды адміністратыўных справаў, у выніку чаго Юлія Міхайлава атрымала штраф у 30 базавых велічыняў, Вадзім Ханяўка - 25 базавых, і Мікалай Дземідзенка быў аштрафаваны на 45 базавых велічыняў.
Па словах намесьніцы старшыні “Маладога фронту” Насты Палажанкі, тое, што адбывалася пад час разгляду адміністратыўных справаў маладзёнаў, мала нагадвала суд. “Прыйшоў судзьдзя, зачытаў справу, не было ані сьведкаў, было абсалютна бачна, што прысуды фармальныя, па загадзе, што Лукашэнку цяпер невыгодна кідаць моладзь за краты, але каб запалохаць, каб трымаць моладзь “на мушцы”, як ён мяркуе, то даюць высокія досыць штрафы”, - адзначыла Наста Палажанка.
Былы суддзя, кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла адзначыў, дзейнічае судовы канвеер, які не зацікаўлены ў адпраўленьні правасудзьдзя, але задзейнічаны, як рэпрэсіўная машына, якая поўнасьцю вырашае праблемы выканаўчае ўлады, накіроўваючы маладых людзей у месцы пазбаўленьня волі ці прыгаворваючы да велізарных, непад’ёмных для маладзёнаў грашовых штрафаў.
Генадзь ЛОГІНАЎ
|