|
АДС стварылі аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху”
 2009 03 27
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўзначалілі арганізацыйны камітэт “Чарнобыльскага шляху 2009”.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўзначалілі арганізацыйны камітэт “Чарнобыльскага шляху 2009”.
“У адрозьненьне ад мінулых гадоў, сёлета акцэнт будзе зроблены ня толькі на сталіцу, але і на рэгіёны, - адзначае Анатоль Лябедзька. – Таму ёсьць два сустаршыні: Віктар Івашкевіч будзе займацца па большай ступені Менскам, а я з калегамі буду думаць пра рэгіёны. У мяне ўжо адбыліся першыя кансультацыі з гомельскай кааліцыяй, з грамадзкім камітэтам у Астраўцы (Гарадзенская вобласьць, дзе плянуецца будаўніцтва беларускай АЭС – Г. Л.), так што геаграфія гэтым разам будзе больш шырокая. Мы робім стаўку на правераных людзей, на правераныя кадры, ніякіх вялікіх выдаткаў на гэта не прадугледжваецца, але, разам з тым, мы спадзяемся, што акцыі будуць заўважаныя. Мы плянуем і паездку па чарнобыльскай зоне, і пікет у Астраўцы, і “Чарнобыльскі шлях” у Гомелі і Менску, а ўсё астатняе – будзем жыць, будзем бачыць”.
Па словах лідэра АГП, сёлета невыпадкова асаблівая ўвага надаецца беларускім рэгіёнам. “Беларусь – гэта ня толькі Менск, і праблемы, пра якія мы гаворым, - будаўніцтва атамнай станцыі і наступстваў чарнобыльскай катастрофы – у першую чаргу адносяцца да рэгіёнаў, а ўжо потым – да Менска”, - падкрэсьліў Анатоль Лябедзька.
У сераду на прэсавай канфэрэнцыі Віктар Івашкевіч заклікаў усе дэмакратычныя структуры далучыцца да арганізацыі адзначэньня 23-х угодкаў самай жахлівай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалаецтва, ад якой найбольш за іншых пацярпела менавіта Беларусь.
Генадзь ЛОГІНАЎ
|