|
Генадзь Бураўкін: “Чаму паэты ідуць у палітыку? Жыццё падштурхоўвае”
 2010 10 01
У 2006 годзе падчас прэзідэнцкай кампаніі ў камандзе кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна актыўна працаваў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Сёння на прэзідэнцкую пасаду прэтэндуе паэт Уладзімір Някляеў. Што штурхае творчых людзей у палітычныя віры? Аб гэтым карэспандэнт Euramost.org гутарыць з паэтам Генадзем БУРАЎКІНЫМ.
- Я думаю, што ўсё гэта ідзе ад таго, што відавочна незадавальненне сітуацыяй, якая склалася ў нашай роднай краіне, - кажа Генадзь Мікалаевіч. – Само жыццё да гэтага падштурхоўвае. Вось я магу ўспомніць і прыклад Васіля Быкава ў свой час. Васіль Уладзіміравіч абсалютна не хацеў і не любіў займацца палітычнымі справамі, быў далёкі ад палітыкі. Але прыйшоў час, прыйшлі 90-я гады, прыйшла так званая пара Адраджэння, і ён стаў адным з самых актыўных дзеячаў. Больш таго! Як кажуць, адклаў у бок свае аповесці, і заняўся публіцыстыкай. Нешта падобнае, я думаю, адбываецца і ў нашы дні з Уладзімірам Някляевым. Хаця Някляеў быў больш актыўным у грамадскіх справах, чым Васіль Быкаў. Але, бачачы, якая ў нас сітуацыя ў краіне, бачачы, якое стаўленне з боку дзяржаўных органаў, з боку чыноўнікаў да культуры, роднай мовы і гісторыі, якую моцу набіраюць антыбеларускія настроі, аб чым сведчыць і апошні перапіс, то, канешне, як грамадзяін і сын сваёй Зямлі, Уладзімір Някляеў не мог быць у баку. І таму пайшоў у палітыку. Хоць заўсёды лічылася, што палітыка і творчасць – гэта далёкія рэчы, але ж трэба разумець, што і творчасцю і палітыкай займаюцца жывыя людзі. І такія людзі, як пісьменнікі, паэты, мастакі, яны можа нават больш тонка адчуваюць тое, што адбываецца ў грамадстве. Вось гэтым я і тлумачу рэчы, калі паэты і пісьменнікі ідуць у палітыку.
- Ці цяжка творчым людзям у палітыцы? Наколькі складана акунацца ў гэтыя палітычныя віры?
- Цяжка, вельмі цяжка. Гэта я маю на ўвазе і свой асабісты вопыт, калі займаўся рэчамі блізкімі да палітыкі. Гэта вельмі цяжка. Таму што даводзіцца адкладаць самыя дарагія для цябе творчыя планы, даводзіцца авалодваць нечым тым, у чым не вельмі тонка разбіраешся. А, тым больш, у наш час, калі існуюць новыя палітэхналогія, новыя тэхналогіі сродкаў масавай інфармацыі. Канешне, вельмі нялёгка.
- Але, напэўна, такія людзі ў палітычных кампаніях могуць выкарыстоўваць нейкія творчыя падыходы?
- Натуральна. Я чытаў выступленні аб прэзідэнцкіх амбіцыях не толькі Някляева, але і іншых прэтэндэнтаў, і лічу, што яго – найбольш цікавыя. Нават тое, як ён гэта выкладае і падыходзіць да гэтага. Гэта ж усё ідзе вельмі часта не толькі да розуму людскога, але і да сэрца, да душы. Такое, на мой погляд, вельмі добра.
- Як, на ваш погляд, электарат паставіцца да паэта? Наколькі вядома, творчую інтылігенцыю абывацелі не вельмі ўспрымаюць…
- На жаль, у мяне такое ж самае адчуванне. Не надта любяць творчую інтылігенцыю, не надта разумеюць і не надта хочуць любіць і разумець. Гэта мне горка гаварыць, але, мне здаецца, што гэта так. Аб гэтым сведчаць і тыя мізерныя, ганебныя тыражы выдатных кніжак, аб гэтым сведчыць і тое, што наша грамадства дазваляе чыноўнікам практычна здзеквацца з тых, хто найбольш таленавіты, хто павінен быць гонарам нашай Зямлі і народа. Існуе проста рўнадушнае стаўленне. І гэта нічога добрага развіццю Беларусі не дае.
Аляксандр САМУСЕВІЧ.
|